АНТА́НТА БАЛКА́НСКАЯ,

саюз Грэцыі, Румыніі, Турцыі і Югаславіі. Заключаны 9.2.1934 у Афінах пад эгідай Францыі з мэтай захавання суадносін сіл на Балканах, што склаліся пасля 1-й сусв. вайны. Першапачаткова адпавядаў інтарэсам Францыі як сродак узмацнення яе пазіцый у краінах Паўд.-Усх. Еўропы. Дагавор аб стварэнні Антанты Балканскай прадугледжваў узаемную гарантыю бяспекі балканскіх граніц краін-удзельніц, а таксама ўзаемную дапамогу ў выпадку нападу на адну з іх. Дзеянні Германіі і Італіі, якія абапіраліся на фаш. групоўкі ў Грэцыі, Румыніі, Турцыі і Югаславіі, падарвалі франц. ўплыў на краіны Антанты Балканскай, у 2-ю сусв. вайну яна распалася.

т. 1, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)